г.Минск, ул. Парниковая, 5а,
Тел. (017) 219-37-47
   
           
       
         
   
   

Міністр адукацыі адказвае на пытанні "Настаўніцкай газеты"

На пытанні "Настаўніцкай газеты" адказвае намеснік Міністра адукацыі Казімір Сцяпанавіч Фарыно

23 ліпеня 2008 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Чым абумоўлена неабходнасць увядзення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”?

— Неабходнасць увядзення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” абумоўлена перш за ўсё тым, што беларускі правапіс у значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе і асабліва адчувальны да любых змен у мове. У канцы ХХ ст. у сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся істотныя змены (значна абнавіўся слоўнікавы склад беларускай мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне ненарматыўныя арфаграфічныя варыянты), што прывяло да парушэння адзінства правапісных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы, арфаграфічнага разнабою на старонках беларускамоўных выданняў (напрыклад: камп’ютар, камп’ютэр і кампутар; саіскальнік і суіскальнік; выканком і выканкам і г.д.). У некаторых выданнях нават мела месца імкненне вярнуць дарэформенны правапіс. Так, прапаноўвалася пісаць арытмэтыка (замест сучаснага арыфметыка), лябірынт (замест лабірынт), сылюэт (замест сілуэт), філязофскі (замест філасофскі), сьмех (замест смех) і г.д. Усё гэта абумовіла надзённасць упарадкавання беларускага правапісу.

У чым заключаецца сут­насць змен у правапісе беларускай мовы?

— У асноўным усе змены ў правапісе беларускай мовы звязаны з сучаснай моўнай практыкай, у адпаведнасці з якой істотна зменшана колькасць выключэнняў. Многія напісанні падпарадкаваны агульным правілам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове ў агульнаадукацыйных установах. Так, напрыклад, пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў (трыа замест трыо, сальфеджыа замест сальфеджыо); пашыраецца напісанне ў (нескладовага) у большасці слоў іншамоўнага паходжання (ва ўніверсітэце замест ва універсітэце, з’ява ўнікальная замест з’ява унікальная); упарадкавана напісанне вялікай і малой літар; рэгламентавана ўжыванне ў беларускай мове дзея­словаў іншамоўнага паходжання з суфіксам -ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-) і іншыя. У цэлым унесеныя ўдакладненні робяць беларускі правапіс больш паслядоўным і несупярэчлівым. Акрамя таго, ён у большай ступені адпавядае фанетычнай сістэме беларускай мовы і асаблівасцям беларускага вымаўлення.

Ці можна ў такім выпадку на­зваць змены ў правапісе рэформай?

— Не, ні ў якім разе. Правільна гава­рыць пра новую рэдакцыю “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, якія не з’яўляюцца рэформай існуючага беларускага правапісу, а скіраваны на яго ўдакладненне, памяншэнне колькасці выключэнняў, падпарадкаванне большасці напісанняў агульным правілам і заканамернасцям, што найбольш адпавядаюць фанетычнаму (гукавому) ладу беларускай літаратурнай мовы.

Ці плануецца ў сувязі з увядзеннем новай рэдакцыі “Правіл” перавыданне мастацкай, вучэбна-метадычнай літаратуры?

— Паколькі прапанаваныя змены і ўдакладненні “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” не закранаюць асноўных палажэнняў дзеючых правіл, то не патрабуецца тэрміновага перавыдання вучэбна-метадычнай і мастацкай літаратуры, якая будзе паступова заменена ў працэсе іх натуральнага абнаўлення.

У кнігарнях ужо з’явілася вучэбная літаратура тыпу “Новае ў беларускай арфаграфіі”, “Засвойваем змены ў беларускім правапісе” і падобныя. Ці можна карыстацца такімі вучэбнымі дапаможнікамі, каб быць падрыхтаваным да верасня 2010 г., калі закон уступіць у дзеянне.

— Агульнавядома, што літаратурныя нормы, найперш правапісныя, замацоўваюцца афіцыйна і фіксуюцца ў нарматыўных граматыках, слоўніках, спецыяльных даведніках. Паколькі на сёння ні аднаго акадэмічнага слоўніка, даведніка ці граматыкі, якія замацоўвалі б нарматыўны правапіс, не існуе, любыя вучэбныя выданні, якія ўжо сёння арыентуюць на засваенне змен у правапісе, толькі ўносяць разнабой у напісанне тых ці іншых слоў. Пакуль што можна карыстацца толькі наступным выданнем: Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. — Мінск: Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 2008. — 144 с. У хуткім часе выйдуць акадэмічныя выданні (1. Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы. 2. Слоўнік беларускай мовы: разам, асобна, праз злучок. 3. Слоўнік беларускай мовы: вялікая і малая літары), у якіх будуць афіцыйна замацаваны змены, што адбыліся ў беларускім правапісе. Раю ўсім, хто зацікаўлены ў добрым веданні беларускай мовы, карыстацца адзначанымі вышэй выданнямі, а таксама выданнямі, якія ма­юць грыф «Рэкамендаваны навукова-метадычнай установай “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь».

Закон уступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 г. Як будзе ажыццяўляцца працэс навучання беларускай мове ў агульнаадукацыйных установах? Ці маюцца для гэтай мэты новыя падручнікі?

— Пачынаючы з верасня 2010 г. навучанне беларускай мове і навучанне вучэбным прадметам на беларускай мове будзе весціся ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй “Правіл”. Новыя падручнікі (вучэбныя дапаможнікі) па беларускай мове для 5-11 класаў да верасня будуць ва ўсіх агульнаадукацыйных установах. Падручнікі па беларускай мове для пачатковых класаў і па вучэбных прадметах на беларускай мове з улікам змен у правілах беларускага правапісу будуць выдавацца на аснове перспектыўнага плана падрыхтоўкі падручнікаў (вучэбных дапаможнікаў) для агульнаадукацыйных устаноў на 2010-2015 гг.

Ці азначае гэта, што з 1 верасня 2010 года ва ўстановах адукацыі да ведаў, уменняў і навыкаў вучняў па беларускай мове будуць ставіцца патрабаванні ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй “Правіл”?

— Зразумела, што пераход на новую рэдакцыю “Правіл” у адукацыйным працэсе не можа адбыц­ца ў адзін момант, таму Міністэрствам адукацыі вызначаны пераходны перыяд тэрмінам у тры гады (2010/2011, 2011/2012, 2012/2013). За гэты час вучні павінны засвоіць тыя змены, што адбыліся ў беларускім правапісе.

У чым асаблівасці арганізацыі працэсу навучання беларускай мове ў пераходны перыяд?

— Для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры (5—11 класы), настаўнікаў пачатковай школы, настаўнікаў-прадметнікаў агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання да 15 чэрвеня 2010 г. будуць падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў пераходны перыяд. З гэтай мэтай могуць праводзіцца арфаграфічныя хвілінкі на ўроках мовы, ажыццяўляцца міжпрадметныя сувязі на ўроках літаратуры і іншых вучэбных прадметаў. Да верасня 2010 г. будуць падрыхтаваны вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па вывучэнні новай рэдакцыі “Правіл”, дыдактычны матэрыял для вучняў і метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў, якія могуць быць выкарыстаны ў любым класе з мэтай больш паспяховага засваення вучнямі тых змен, якія адбыліся ў правапісе беларускай мовы.

Як будуць ацэньвацца пісьмовыя работы вучняў па беларускай мове? Ці бу­дуць улічвацца памылкі, зробленыя вучнямі ў словах, у якіх адбыліся змены ў правапісе?

— У пераходны перыяд пры праверцы і ацэньванні пісьмовых работ вучняў памылкі, дапушчаныя ў словах, у правапісе якіх адбыліся змены, будуць выпраўляцца, але пры падліку не ўлічвацца.

Як будуць арганізаваны выпускныя экзамены ў пераходны перыяд?

— Экзамен па беларускай мове на ўзроўні агульнай базавай адукацыі праводзіцца ў форме дыктанта, на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі — у форме пераказу. Для правядзення дыктанта ў пераходны перыяд могуць падбірацца тэксты, якія не ўтрымлі­ваюць слоў, у правапісе якіх адбыліся змены. Пры наяўнасці такіх слоў яны запісваюцца на дошцы. Пры ацэнцы і дыктантаў, і пераказаў памылкі, дапушчаныя ў словах, у правапісе якіх адбыліся змены, не ўлічваюцца і на агульную адзнаку не ўплываюць.

Як будзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове?

— У пераходны перыяд у тэставыя заданні па беларускай мове не будуць уключацца тыя словы, у правапісе якіх адбыліся змены.

Ці гатовы настаўнікі беларускай мовы і настаўнікі-прадметнікі беларускамоўных устаноў да ажыццяўлення адукацыйнага працэсу ў новых умовах?

— У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і інстытутах развіцця адукацыі да 1 верасня 2010 г. плануецца правесці мэтавыя кароткатэрміновыя курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, інструктыўна-метадычныя нарады па пытаннях змен у правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі для кіраўнікоў устаноў адукацыі, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікаў-прадметнікаў устаноў з беларускай мовай навучання, справаводаў і іншых катэгорый кадраў сістэмы адукацыі. Акрамя гэтага, пачынаючы са студзеня 2010 г. і ўвесь пераходны перыяд у вучэбна-тэматычныя планы базавага павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў будуць унесены тэмы, звязаныя з выкананнем Закона “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Плануецца арганізаваць падрыхтоўку кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў беларускай мовы і літаратуры да работы ва ўмовах рэалізацыі закона, уключыць у планы правядзення жнівеньскіх нарад педагагічных работнікаў пытанні, звязаныя з законам. На працягу трох гадоў (2010 г. — верасень 2013 г.) у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і інстытутах развіцця адукацыі будуць праводзіцца кансультацыі па пытаннях рэалізацыі закона. Плануюцца і іншыя мерапрыемствы, звязаныя з вывучэннем новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

У пачатку навучальнага года шырока абмяркоўвалася рэформа рускай арфаграфіі. Як гэтыя змены паўплы­ваюць на выкладанне рускай мовы ў Беларусі? Ці адаб’юцца яны на матэрыяле ўступных іспытаў па рускай мове?

— Сёння мы можам гаварыць пра карэкціроўку некаторых норм згодна з сучаснай моўнай практыкай.

З 1991 года ў сектары арфаграфіі і арфаэпіі Інстытута рускай мовы імя В.В.Вінаградава вялася работа па складанні праекта “Збор правіл рускага правапісу. Арфаграфія. Пунктуацыя”. У 2000 г. Арфаграфічная камісія пры аддзяленні літаратуры і мовы РАН прапанавала яго для шырокага абмеркавання. Так павялося, што пераўтварэнні, закла­дзеныя ў зборы, у маўленчай практыцы атрымалі азначэнне “рэформа”.

Згаданы праект мае на мэце змяніць дзеючыя сёння як абавязковыя “Правілы рускай арфаграфіі і пунктуацыі” 1956 года.

За час, што мінуў пасля выхаду “Правіл...” 1956 года, у арфаграфічнай практыцы часта адзначаўся разнабой, сустракаліся супярэчнасці ў рэкамендацыях, што змяшчаліся ў энцыклапедыях і слоўніках.

З 1 верасня 2009 года ўступіў у сілу загад №195 Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі ад 8 чэрвеня 2009 года, які вызначае спіс слоўнікаў, граматык і даведнікаў, што змяшчаюць нормы сучаснай рускай літаратурнай мовы.

Любы працэс патрабуе падрыхтоўчага перыя­ду. Сёння мы вывучаем усю новую інфармацыю. Ніякіх змен у выкладанні рускай мовы ў бягучым навучальным годзе не будзе. Экзаменацыйныя заданні будуць стварацца на аснове правіл, якія дзеці вывучалі ў школе. Тэсты і экзаменацыйныя матэрыялы будуць распрацаваны такім чынам, каб пазбегнуць варыянтаў адказаў, звязаных са зменамі, што адбываюцца.

Меркаванне аб тым, што свабоднае валоданне замежнымі мовамі неабходна сучаснаму чалавеку і іх выкладанне патрабуе ўдасканалення, выказвалася ўжо даўно. Чаму менавіта сёння прынята рашэнне аб зацвярджэнні Плана па ўдасканаленні арганізацыі адукацыйнага працэсу па замежных мовах?

— Задача па авалоданні замежнай мовай як сродкам міжкультурнай камунікацыі пастаўлена кіраўніком нашай дзяржавы. Ва ўмовах развіцця сучаснага грамадства веданне замежных моў з’яўляецца не толькі “візітнай карткай” адукаванага чалавека, але і неабходнасцю.

Ідэя распрацоўкі плана мерапрыемства ўзнікла з мэтай забеспячэння якасці ведаў па замежных мовах навучэнцаў і студэнтаў: нашай краіне патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія валодаюць замежнымі мовамі.

Гэта асабліва актуальна ва ўмовах пераходу на новы змест агульнай сярэдняй адукацыі.

Якія мэты ставіць дадзены дакумент?

— План накіраваны на папулярызацыю вывучэння замежных моў жыхарамі Беларусі. Безумоўна, веданне замежнай мовы спрыяе павышэнню агульнакультурнага і камунікатыўнага ўзроўню навучэнцаў і студэнтаў для выкарыстання атрыманых імі ведаў у далейшым жыцці.

Будзе ўдасканальвацца нарматыўная прававая база. Плануецца ўнесці змены ў Тлумачальную запіску па арганізацыі адукацыйнага працэсу згодна з Тыпавымі вучэбнымі планамі ў частцы дзялення класа на тры групы пры вывучэнні замежнай мовы ва ўсіх тыпах агульнаадукацыйных устаноў. Гэта дазволіць настаўніку арганізаваць працэс навучання такім чынам, каб максімальна задзейнічаць кожнага вучня ў размоўнай практыцы на працягу ўсяго ўрока.

Неабходна павысіць эфектыўнасць урока замежнай мовы ў агульнаадукацыйнай школе праз выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій. Асаблівая роля адводзіцца нацыянальным вучэбна-метадычным комплексам новага пакалення, якія накіраваны на развіццё камунікатыўных уменняў вучняў.

З улікам змянення зместу праграм па замежных мовах на аснове камунікатыўна-арыентаванай накіраванасці асаблівая ўвага будзе ўдзелена ўдасканаленню сістэмы падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі настаўнікаў і выкладчыкаў замежных моў.

Якія замежныя мовы найбольш запатрабаваны ў Беларусі?

— На сённяшні дзень 75% вучняў агульнаадукацыйных устаноў рэспублікі вывучаюць англійскую мову, попыт на якую павышаецца з кожным годам не толькі ў нашай краіне. Нямецкую мову вывучаюць 20% навучэнцаў, французскую — 4,3%, іспанскую — 0,8%. У пяці школах 180 беларускіх школьнікаў вывучаюць кітайскую мову.

Ці мяняецца падыход да арганізацыі адукацыйнага працэсу па замежных мовах у параўнанні з мінулым часам?

— Традыцыйнае выкладанне мовы з апорай на вывучэнне граматычных правіл і выключэнняў з іх мне падаецца не самым аптымальным спосабам пачатку карыстання замежнай мовай. Свабодна размаўляць на замежнай мове можна там, дзе развіта моўнае асяроддзе зносін, на ўроку ці ў пазакласнай дзейнасці. Навучыць чалавека гаварыць — значыць, развіць яго навыкі, зыходзячы з сітуацый зносін, і навучыць выкарыстоўваць граматыку і лексіку ў гэтых сітуацыях. Асноўны прынцып: мову можна асвоіць хутка тады, калі адразу карыстацца ёю як сродкам, а не вывучаць як прадмет і мэту.

Хацелася б, каб у кожным рэгіёне рэспублікі быў створаны банк даных перадавога педагагічнага вопыту ў сферы выкладання замежных моў.

Але за 2 гадзіны ў тыдзень навучыць размаўляць на замежнай мове складана. Як казалі старажытныя, “веды, якія не папаўняюцца штодзённа, мен­шаюць з кожным днём”.

— Эфектыўнасць выкарыстання 45 хвілін урока залежыць ад правільна выбранай методыкі вык­ладання і педагагічнага майстэрства настаўніка. За гэты час можна навучыць размаўляць выпускніка ў рамках бытавых тэм: падзяліцца інфармацыяй пра сябе, выбраць у магазіне адзенне, купіць білет у касе вакзала, зрабіць заказ па меню ў кафэ і г.д. Для тых, хто хоча вывучаць замежную мову на больш высокім узроўні, прызначаны га­дзіны факультатыўных заняткаў. У 2009 годзе было распрацавана звыш 50 праграм факультатываў па англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай мовах.

Страх быць незразуметым часам перашкаджае працэсу зносін на замежнай мове. Неабходна даць вучню магчымасць зразумець, што ён можа гаварыць, карыстаючыся мінімальнымі ведамі.

Не трэба забываць пра магчымасці пазакласнай і пазашкольнай работы на замежнай мове: конкурсы, фестывалі, прадметныя тыдні, удзел у інтэрнэт-праектах і іншых мерапрыемствах будуць садзейнічаць практычнай накіраванасці вывучэння замежнай мовы вучнямі, стварэнню штучнага асяроддзя зносін.

Ці гатовы настаўнік беларускай школы да змен у выкладанні замежных моў?

— Цяжка ўявіць сабе іншую прафесію, ад якой так многа залежыць у лёсе кожнага чалавека і ўсяго народа. Чалавек, які стаў настаўнікам, адказны за ўсё, усё ведае і ўмее.

Беларускай школе патрэбны настаўнікі і выкладчыкі замежных моў, якія не толькі выдатна ведаюць свой прадмет, але і валодаюць харызмай і выкладчыцкім талентам.

Прафесіяналізм настаўніка адыгрывае асноўную ролю ў павышэнні якасці адукацыі. Сёння 95% беларускіх настаўнікаў замежнай мовы маюць вышэйшую адукацыю, 70% — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Значная роля па выяўленні таленавітых педагогаў адводзіцца рэспубліканскаму конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Сярод канкурсантаў заўсёды ёсць настаўнікі замежных моў. Так, у 2009 годзе ў заключным этапе гэтага мерапрыемства прымалі ўдзел тры настаўнікі англійскай мовы з розным стажам дзейнасці: 4, 7 і 13 гадоў.

Развіццю ініцыятывы творчых педагогаў, распаўсюджанню найбольш эфектыўных метадаў навучання і выхавання вучняў садзейнічае работа рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, які аб’ядноўвае ўдзельнікаў конкурсу розных гадоў. Члены клуба актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх мерапрыемствах па абмене вопытам работы, праводзяць семінары, майстар-класы, творчыя майстэрні.

Якую ролю ў рэалізацыі плана павінна адыграць сістэма павышэння кваліфікацыі?

— Прыярытэтам у сістэме павышэння кваліфікацыі павінна стаць апераджальная падрыхтоўка настаўнікаў і выкладчыкаў замежных моў да работы ва ўмовах абноўленага зместу адукацыі, укаранення ў адукацыйны працэс сучасных педагагічных тэхналогій, камунікатыўна-арыентаваных методык навучання замежнай мове. Значная работа ў гэтым напрамку праводзіцца Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, абласнымі (Мінскім гарадскім) інстытутамі развіцця адукацыі.

Бацькі малодшых школьнікаў скар­дзяцца на вялікі аб’ём дамашніх заданняў па замежнай мове, а размаўляць на мове дзеці не могуць.

— Пачатковы этап навучання ў многім вызначае далейшы поспех. Неабходна сфарміраваць асновы практычнага валодання замежнай мовай у аб’ёме, неабходным для элементарных зносін настаўніка з вучнем, вучняў паміж сабой. Абапіраючыся на ўвесь арсенал педагагічных сродкаў, трэба максімальна аблегчыць дзецям працэс авалодвання замежнай мовай, зрабіць яго даступным, каб ён прыносіў станоўчыя эмоцыі.

Настаўнік павінен рацыянальна і дыферэнцыравана будаваць адукацыйны працэс, больш часу ўдзяляць вусным зносінам на ўроку, а для самастойнага выканання прапаноўваць невялікія па аб’ёме заданні згодна з праграмнымі патрабаваннямі.

Санітарнымі правіламі і нормамі ўстаноўлена, што дамашнія заданні вучням 3-4 класаў павінны задавацца з улікам магчымасці іх выканання за 1,5 гадзіны (на выкананне аднаго прадмета каля 30 хвілін).

Пытанне аб’ёму дамашняга задання павінна знаходзіцца на пастаянным кантролі адміністрацыі ўстановы адукацыі.

Што вы можаце сказаць пра ўвядзенне абавязковага экзамену па замежнай мове?

— Увядзенне абавязковага вуснага экзамену па замежнай мове на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі плануецца ў 2012/2013 навучальным годзе. Да гэтага часу вучні агульнаадукацыйных устаноў цалкам пяройдуць на новы змест адукацыі на аснове новых вучэбна-метадычных комплексаў. Нацыянальным інстытутам адукацыі, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам будуць распрацаваны метадычныя рэкамендацыі і практычныя матэрыялы па ўсіх замежных мовах, што вывучаюцца.

Увядзенне вуснага экзамену будзе стымуляваць настаўніка і вучня да размоўнай практыкі на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці.



 
   
  © ГУО "Средняя школа №20 г. Минска"

Регистрационное свидетельство
№1141001020 от 23.07.2010